У друку

marker"Апошняе каханне князя Міндоўга": аповесць. - Часопіс "Крыніца", Мінск, № 49 (12/1998).

"""Апошняе каханне князя Міндоўга": аповесць. - Мінск, "Лекцыя", 2000.

 

На рускай мове чытаць

"""Последняя любовь князя Миндовга": повесть. - Журнал "Родник", Минск, № 49 (12/1998).

 

Тэкст аповесці прыведзены паводле выдання "Апошняе каханне князя Міндоўга": аповесць. - Мінск, "Лекцыя", 2000.

 

 

 

 

 

 

 

Дачцэ Ганне

 

1

Напярэдадні купалля ў лясах паблізу ад мазавецкае мяжы прыпыніліся на кароткі начлег перад наездам пятнаццаць тысяч коннай літвы і русі. Каб вецер не прынёс мазурам выратавальны для іх знак, абозныя на загад вялікага князя забаранілі кметам раскладаць вогнішчы. Адзіны на войска агонь цепліўся ля намёту Міндоўга; каля гэтага вогнішча радзіліся ўдзельныя князі, якія прывялі свае палкі і дружыны. Вялікі князь даводзіў ім задуму наезду. Міндоўг казаў, што яны мусяць адпомсціць мазурам за іхны ўдзел у леташнім сумесным з крыжакамі паходзе на прусаў і жамойць. Палкі мусяць пранесціся смерчам праз мазурскія вёскі і мястэчкі ў бок Плоцка і недзе ля Віслы сустрэць войска князя Земавіта, калі той паспее яго сабраць...

Князёў ля агню, у крывавым полымі якога грэлася боства вайны, было разам з Міндоўгам семнаццаць, усе яны, апроч вялікага князя, былі паголеныя, як патрабаваў таго іхны малады ўзрост; сівы, барадаты Міндоўг выглядаў сярод іх дзедам, які склікаў моладзь для навучання поспеху і ўдачы на ўласным досведзе. Аднагодкі і старыя паплечнікі князя даўно пайшлі з жыцця, у крузе з ім, шасцідзесяціпяцігадовым, сядзелі іхныя сыны. За выняткам трох яцвягаў, усе даводзіліся вялікаму князю сваякамі, хоць і яцвяжскія князі, пры жаданні акрэсліць з ім роднасць, былі сваякамі па жонцы. Жамойцкі князь Трайнат быў сястрыніч, полацкі князь Таўцівіл і віцебскі князь Ердзівіл - братанічы, гальшанскі князь Гердзень - стрыечны братаніч, крэўскі князь Даўмонт, самы малады з князёў у гэтым паходзе, таксама пляменнік, але траюрадны. Міндоўг вылічыў, што Даўмонту толькі крыху перайшло за дваццаць. Дзяволтаўскія князі Люмбель, Лугайла і Гаторп сядзелі на такіх дробных удзелах, што сваяцтва патрабавала ўзгадкаў пра дзядоў трэцяга калена. Са сваякоў не было на гэтай вайсковай радзе толькі зяця, Шварна Данілавіча, але ён вёў свой холмскі полк на мазаўшанаў па Бугу ад Берасця.

Вялікі князь паведамляў цяпер тое, што раней трымалася ў таямніцы: адначасна з імі пойдуць на мазураў з поўначы прускія дружыны Геркуса Мантуса. Іхная першая мэта - Цэханаў. Літва, жамойць і яцвягі рухаюцца на Візну і па Нарэву - на Пултуск. На сутоку Нарэва з Бугам яны сустрэнуцца з валынскай руссю Шварна, і напрыканцы паходу спаляць галоўнае гнездзішча мазураў - Плоцк. А тады пойдуць дамоў з палонам і лупамі...

Мажліва, нагадаў Міндоўг пра лёс, нехта з іх не вернецца. Таму і трымаецца літва старадаўняга звычая паважнай размовы перад наездам, што хтосьці назаўжды застанецца ў чужой зямлі, а хто - зараз невядома. Нехта адзін ці некалькі з семнаццаці бачыць, слухае ўсіх і сам гаворыць з усімі апошні раз. Магчыма, гэта будзе ён, вялікі князь Міндоўг, ці малады Даўмонт, ці мужны Трайнат, ці зяць вялікага князя Шварн, ці яцвяжскі ўладар Скамонд. Невядомасць лёсу вызначана для чалавека багамі. Пасля іхнага прысуду багіня смерці ставіць на азначанае сэрца пячатку апошняга дня. Ніхто не гіне раней ці пазней часу, акрэсленага багіняй. Сёння яна значыць тэўтонскіх прыхвасняў - мазураў, і наезд засведчыць, каго з іх яна меціла магільным знакам...

Паляну, на якой стаяў намёт, гарэў агонь і радзіліся князі, аточвала варта, а навокал днявала пяцітысячнае наваградскае апалчэнне - самае вялікае ў агульным войску і адданае Міндоўгу. За плячамі князя сядзелі два верныя яму баярыны: наваградскі ваявода Сірвід Рушковіч і разанскі выгнанец Астап - палявы ваявода ў паходах, найбліжэйшы князеў радца ў мірны час. На гэтай сустрэчы абодва назіралі, каб ніхто з маладых князёў раптам не выцягнуў з похваў меч. І сам Міндоўг, і абодва ваяводы ведалі, што з шаснаццаці князёў сама меней трое ненавідзелі яго і пры зручным выпадку не марудзілі б забіць, астатнія прынялі б такі ўчынак без абурэння, а можа і ўхвалілі. Але зручнага выпадку заўжды насцярожаны Міндоўг не дапускаў. Наезд таіў небяспеку і для княжатаў. Вялікі князь меў неаспрэчныя магчымасці паставіць усялякі ўдзельны полк пад знішчальны ўдар мазураў. Дзеля ўзаемнай бяспекі ў выправе Міндоўгу і малым князям трэба было затойваць нянавісць і непрыязнасць у сэрцы на будучыню. Але розум не заўжды адужвае пачуцці...

Вялікі князь нагадаў маладым паплечнікам, што вадзіў сваю літоўскую дружыну на мазураў яшчэ паўвека таму. Пэўна яму было тады менш гадоў, чым зараз Даўмонту. Іхныя бацькі таксама былі маладыя, і вось гэтаксама ўсе збіраліся ля вогнішча паслухаць старэйшых князёў. Добрыя тады ладзілі наезды, суцішылі мазурскі запал, ад адных толькі словаў «Літва йдзе!», «Яцвягі йдуць!» праймала мазураў жахам. А потым Конрад, бацька іхнага цяперашняга князя Земавіта, бяссільны абараніцца сваімі кметамі, запрасіў у памагатыя крыжакоў, падараваў ім землі, выдзеліў крэпасці, і зноў пайшоў на яцвягаў. Летась разам з немцамі мазавецкія палкі ўпершыню прыйшлі вынішчаць жамойць, прусаў, дайнову. Ды моцна памыліўся князь Земавіт, братаючыся з белымі апанчамі: крыўда без помсты не жыве. Таму і пазначае мазураў у гэты час Мерцва. Мазоўша дапамагала крыжакам нішчыць нашыя вёскі, цяпер ёй давядзецца паплакаць крывавымі слязьмі і заплаціць сваім дабром...

Напамінак пра лупы ажывіў непраглядныя твары князёў, якія не маглі забыцца на нядаўняе сяброўства вялікага князя з тымі самымі крыжакамі. Немцы падаравалі Земавіту яцвяжскія Судавы, а хто гэта быў дараваў немцам Жамойць? Ці гэта не Міндоўгава пячатка вісіць на дарчай грамаце? Лепш не згадваць пра мінулыя гады і сканалых князёў - тыя крыжакам такіх дарункаў не рабілі. Яны, іхныя сыны, зараз самі ідуць у наезд, а найпершая мэта наезду - лупы. Што здабудуць - тым узмацняцца. Багатыя лупы - удача князёў, залог адданасці палкоў, дзеля іх і рызыкуюць жыццём простыя кметы. Цяпер князі ўзважвалі і запаміналі, што жадае ўзяць сабе, што пакінуць ім іхны важар. А Міндоўг, бачачы ў вачах князёў хуткую змену злоснай нязгоды ці крыўды на ўхваленне, думаў, што зашмат у гэтай княжацкай зграі галодных ратоў. Няўжо ўсе жывымі прыйдуць з гэтай вайны, гадаў ён? Хоць бы траціну з іх пабілі мазуры, баронячы свае двары. Гэтыя саслабеюць, тыя знядужаюць - меншы клопат на ягоную галаву...

Задуманае пакаранне Мазоўшы патрабавала, апроч знішчэння войска і руйнавання паселішчаў, забраць конскія табуны. Князі абумовілі, што гнаць табуны будуць стаёўнікі з іхных абозаў, а пасля паходу коней падзеляць адпаведна сіле прыведзеных палкоў, але чвэртку коней возьме Міндоўгавы канюшы Сіпайла ў табун вялікага князя. Абознікі таксама вывозяць збожжа і сена. Рыцарскія даспехі і зброя, узятыя ў бітвах, застануцца пры тых, хто ўзяў; зброя, захопленая ў местах, пойдзе палкам, што бралі гарады, але чвэртка трапіць у збраёўню вялікага князя. Таксама і Міндоўг падзеліцца лупамі, якія возьмуць яго літва і наваградская русь. Быдла, калі хто мае патрэбу, пагоніць сам, пры сваіх абозах.

Дамовіўшыся, што палон і абозы з лупамі для дзяльбы трэба зцягваць да Ваўкавыска, князі раз'ехаліся ў свае палкі і дружыны. Тут кметы ўжо разбіралі з вазоў браню і дзіды, мацавалі да сёдлаў паходныя торбы з запасамі харчу і пустыя мяхі пад здабычу. Хто вастрыў меч, хто правіў лук, а ўсё падрыхтаваўшы, клаўся спаць, каб досвіткам бадзёра сядзець на кані.

 

 

2

Ранкам пятнаццаць тысячаў наезду перайшлі на рысях мазавецкую мяжу. Трапяталі ў паветры чырвоныя сцяжкі сотнікаў, калыхаліся пастаўленыя пяткай на стрэмя дзіды, і трывалыя літоўскія коні паскаралі хаду пад рэзкія выгукі кметаў - «Хо!», «Хо!». Неўзабаве пачалі сустракацца на шляхах войска мазурскія паселішчы, і аддзелы, што йшлі наперадзе, спяшаліся вычышчаць двары ад мужыкоў, гвалціць дзевак і збіраць убогія лупы - вопратку, посцілкі, зерне, кажухі. Наступныя дружыны рухаліся далей, разыходзіліся развілкамі да такіх жа асуджаных на разбурэнне вёсак.

Удзень ваяры Трайната ўзялі Візна, дзе захоўвалася даніна навакольнага жыхарства плоцкім касцёлам. Не марнуючы часу, кметы спустошылі засекі і клеці, разрабавалі капліцу, вывелі коней, перабілі бальшыню мужыкоў і, пакінуўшы за плячамі зруйнаваны замак, скіраваліся на Пултуск.

Ды ўсіх не заб'еш. У нейкую шчыліну праслізгвае ўдачлівы мазур і нясецца галопам ад месца бойні да бліжэйшага жылля з крыкам «Ратуйся! Літва! Наезд!», а адтуль разлятаюцца вестуны да суседзяў. Сярод такіх удачлівых апынуўся візнаўскі кашталян Якуб. За два дні ён дабраўся да Плоцка, і князь Земавіт даведаўся, што прыйшлі наваградская русь і літва, а іншыя ўцекачы паведамілі пра прускую навалу і пра русінскія палкі князя Шварна Данілавіча. Рабуюць, рэжуць, гвалцяць, паляць, пасля іх - ні коней, ні кузні, ні збожжа, ні стажка жывёле.

Земавіт пачаў збіраць войска, аднак хутка з'ехацца ўладары не маглі - трэба было затоіць ў лясах сем'і, быдла, схаваць зерне і нажытак. Паціху падыходзілі дружыны з Завіслення, а ў абыход літоўскіх палкоў падкрадваліся дробныя рыцарскія аддзелы. Толькі праз два тыдні Земавіт здолеў вывесці пад сваім сцягам войска ў пяць тысяч коней, з якім і пайшоў насустрач Міндоўгу. Земавітава жонка, княгіня Гертруда, засталася ў Плоцку, прыняўшы на сябе ўмацаванне замка і горада перад магчымай аблогай, калі бітва раптам будзе прайграная і князю давядзецца хавацца за сценамі, пакуль не прыйдуць посілкі з Малапольшчы. Рыцарскага аддзела Земавіт жонцы не пакінуў, і абаронцамі Плоцка засталіся мяшканцы і навакольныя веснякі, што шчыльна панабіліся ў горад. Чамусьці ім верылася, што за плоцкімі гароднямі пад крылом княгіні прасцей уратавацца ад літоўскага ліха, чым дзе-небудзь у пушчанскіх гушчарах, на недаступных выспах сярод дрыгвы. Разлікі, што на абарону польскіх хрысціянаў ад паганскага нашэсця зараз жа вырушыць Ордэн, не спраўдзіліся - немцы ці не былі падрыхтаваныя, ці не жадалі ваяваць Міндоўга сіламі ордэнскіх братоў. Можа, яны і цешыліся з бедства мазурскіх земляў.

Заступіўшы шлях Міндоўгу пяццю тысячамі войска паблізу Варшавы, Земавіт меркаваў перамагчы: ягоныя рыцары былі апранутыя ў добрую браню, палова рыцарскіх лучнікаў мела дальнабойныя кушы, за іх плячамі засталіся сем'і, яны пакляліся перад богам не адыходзіць. Князь зразумеў, што пераможаны, калі лава жамойтаў з баявым клічам «Локіс! Прэнкі!» навалілася на левае крыло, шалёныя яцвягі і полацкая русь Таўцівіла і Ердзівіла пачалі адціскаць правае, а з тылу палкі Гердзеня і Даўмонта замкнулі атачэнне і з клічам «Нальшча! Сокал! Бі!» выціснулі мазурскую сярэдзіну пад стрэлы і мечы наваградцаў і літвы. Праз гадзіну мазавецкае войска трацінай палегла на поле сечы, а бальшыня, бачачы двайную перавагу літоўскага ваярства, скарылася і пакідала зброю. У палон трапілі і князь Земавіт, і ягоны васемнаццацігадовы сын Конрад. З літоўскіх князёў пацярпеў у бітве толькі Міндоўгаў пляменнік, князь Ердзівіл. Яго, працятага мазурскай дзідай, паклалі на калёсы і павезлі ў абоз.

Палонных падзялілі: знакамітых і важных рыцараў, Земавіта і Конрада, узяў Міндоўг, астатніх, хто абяцаў выкупіцца, паразбіралі князі, а шараговы палон адразу атрымаў працу - капаць роў для забітых. Яны і пачалі капаць абломкамі мечаў, назіраючы, як на залітым крывёю полі, на дыване з літоўскіх і мазавецкіх мерцвякоў, распачалася жорсткая бойка сярод пераможцаў за каштоўную здабычу - шчыты, панцыры, шлемы, зброю. Нарэшце, брудная лаянка і мардабойства русі, літвы ды яцвягаў раззлавалі Міндоўга, ён крыкнуў, што загадае павесіць усіх, каму свярбяць рукі. Ведаючы вернасць князя свайму слову, кметы хуценька рассеяліся, а мерцвякоў спрытна аблупіла наваградская дружына.

Вялікі князь разумеў, што другое войска Мазоўша ўжо сабраць не здолее; заставалася папаліць галоўныя асяродкі мазураў і прымусіць Земавіта да падпісання мірнай дамовы. Захоча жыцця сабе і сыну - замацуе пячаткай любыя ўмовы. Апошняе Міндоўг вырашыў выканаць пасля захопу Плоцка, адкуль меркаваў прывезці Земавітаву жонку і ягонага другога сына. Ваяводу Рушковіча з літвой і нальшанцаў князь выправіў на Вышаград, палку Шварна Данілавіча загадаў ісці на Чэрвіньск; сам жа Міндоўг, даручыўшы Астапу ахову свайго палону, узяў маладога Конрада закладнікам і павёў літоўскую русь і яцвягаў да Плоцка.

Атачаць горад, страшыць княгіню Гертруду забойствам яе сына перад замкавай брамай Міндоўгу не давялося. Княгіня, ратуючы жыццё малодшага сына, палічыла за лепшае не злаваць літву абаронай замкавых сценаў. Пакінуўшы горад, яна разам з княжычам Баляславам паімчала ў Кракаў прасіць дапамогі. Уцёкі княгіні Гертруды пазбавілі плоцкіх абаронцаў ачольнай волі, і горад скорана расчыніў вароты. Ціхмянасць мяшканцаў не ўратавала іх ад лютасці пераможцаў...

""
tarasau.com@gmail.com