Артыкул быў надрукаваны ў часопісе "Полымя", №2, 1988.

 

 

ПАДЗЕІ ГІСТОРЫІ І ВЕРСІІ ЛІТАРАТУРЫ

некалькі разваг над гістарычнай прозай

 

 

Беларуская гістарычная проза адрозніваецца ад прозы «сучаснай» істотнаю, можна сказаць, «прывілеяй» — наш чытач амаль нічога не ведае з роднае даўніны, усё ідзе яму за першы гатунак. Толькі спецыялісты ды начытаныя аматары гісторыі здольныя выявіць, наколькі праца пісьменніка адпавядае фактам эпохі і праўдзе крыніц. «Люду паспалітаму» прыходзіцца шчыра прымаць на веру аўтарскую дасведчанасць (часам недасведчанасць за дасведчанасць) і ўводзіць рэканструкцыю пэўнай мінуўшчыны ў сваю карціну свету, у сваю гістарычную свядомасць.

Неабходна зрабіць, адну заўвагу — дарэчы, пра тое, што разумеецца тут пад гістарычнай прозай. Бо аб'ектыўна і мінулы дзень — ужо гісторыя, якую не пераробіш. Але векапомны Кастрычнік, рэвалюцыйная барацьба рабочага класа, падзеі грамадзянскай вайны ідэйна з намі, яны штодзённа ў нашых справах, нашым светаадчуванні. Так, я ўяўляю, як цалкам і наскрозь сучасныя «Віленскія камунары» Максіма Гарэцкага ці раман Івана Шамякіна «Петраград — Брэст». Усяляк падкрэсліваючы патрэбу твораў, якія ўзнаўлялі б гераічны ранак станаўлення нашай сацыялістычнай дзяржавы, я ў сваіх развагах спынюся толькі на тых творах нашай літаратуры, якія засвойваюць даўніну ад далетапісных часоў па пярэдадзень нашага стагоддзя, бо яно знаходзіцца ў полі пільнай увагі ўсіх жанраў літаратуры. А тое жыццё мы ведаем мала і маем магчымасць глядзець на мінуўшчыну як бы з пагорка на далеч, замглёную сівымі туманамі.

Ёсць шмат ракурсаў, з якіх можна разглядаць гістарычную прозу, — усё ў невялічкім артыкуле не разгледзіш. 3 гэтай прычыны артыкул не засяроджваецца на эстэтычных вартасцях аповесцей і раманаў. Бо і сам аўтар піша ў гістарычным жанры, дык пэўныя эстэтычныя адзнакі з ягонага боку маглі б зразумецца праявай нясціпласці. Эстэтычны аналіз — клопат крытыкаў і літаратуразнаўцаў, якія, на жаль, нашу гістарычную бібліятэку пакуль што не надта заўважалі. Так што гаворка пойдзе галоўным чынам пра гістарычны змест аповесцей і раманаў.

Варыянты асэнсавання мінулага ў літаратуры супярэчлівыя, а вытлумачэнне крыніц рознымі аўтарамі бывае непадобнае, а іншым разам — і супрацьлеглае. Напрыклад, адзін з персанажаў рамана Леаніда Дайнекі «Меч князя Вячкі» беларускі князь у Герцыке Усевалад і ўладар герцыкскі латгал Вісвалд з рамана латышскага пісьменніка Яніса Ніэдрэ «І ветры гуляюць на папялішчы» — адна і тая ж гістарычная асоба. Дайнека карыстаўся летапісным запісам. Ніэдрэ разглядае гэты запіс як славянскую кальку з латышскай тагачаснасці. Хто бліжэйшы да праўды? Дапусцім, што мае рацыю Яніс Ніэдрэ. Тады пачынае хістацца звычная нам з нашых гістарычных дапаможнікаў сістэма адносін старажытнага Полацка з латышскімі землякамі. Калі ж лічыць блізкай да ісціны трактоўку Леаніда Дайнекі, тады раман Ніэдрэ цяжка ўспрыняць інакш, чым патрыятычную спробу ўзбагаціць родную літаратуру прыгожай легендай.

Дададзім да двух названых твораў вядомы раман У Чывіліхіна «Памяць», дзе Усевалад герцыкскі згадваецца ўжо як рускі князь, і ўявім гэты дыяпазон традыцыйных і новых мастацкіх інтэрпрэтацый толькі вакол адной асобы і па адным пытанні.

Можна прывесці прыклады інтэрпрэтацый больш значных па змесце, чым нацыянальная прыналежнасць героя. У нас у розных жанрах набярэцца цяпер з паў-тузіна твораў, прысвечаных Уладзіміру, Рагвалоду, Рагаедзе, лёсу Полацкага княства ў Кіеўскай Русі. Адкрывае гэты шэраг Купалава «Гарыслава», на вялікіжаль, недакончаная. Ёсць п'еса Алеся Петрашкевіча «Кіеўская Русь», ёсць паэма Таісы Бондар «Рагнеда», ёсць паэма пра Рагнеду і Рагвалода ў Дануты Бічэль-Загнетавай, ёсць раман Эдуарда Скобелева «Міраслаў — князь дрыгавіцкі», ёсць аповесць «Тры жыцці Рагнеды» аўтара гэтага артыкула. Але самы вядомы раман пра тыя часы належыць украінскаму пісьменніку Уладзіміру Склярэнку. Пацікавімся трактоўкамі эпохі Уладзіміра Хрысціцеля ў рамане Склярэнкі «Уладзімір»і ў рамане Скобелева «Міраслаў — князь дрыгавіцкі». У Склярэнкі хрышчэнне Русі, па сутнасці, пазбаўлена палітычных матывіровак, адзіная важкая прычына — асвятленне, зведанае Уладзімірам. Разлютаванае супраціўленне Русі «грэчаскай» веры паказана як асобныя ўчынкі «худых» людзей. Ідалаў скінулі ў Дняпро і Волхаў, Пярун нікога не забіў, усе хутка супакоіліся, Уладзімір стаўся першым рускім імператарам, скарае і прылучае суседнія плямёны, ствараючы імперыю. Гэтая імперская канцэпцыя ўскладнена ператварэняем Уладзіміра (дзіця дынастычнага шлюбу паміж Кіевам і непакорлівымі драўлянамі, сына Святаслава і драўлянскай князёўны Малушы) у «сына рабыні», гэта эначыць як бы ў «свайго хлопца», з нізоў народа; рознымі спосабамі ён адмыты ад грахоў, якія налічылі за ім летапісцы. Жорсткая братазабойчая барацьба за ўладу атрымала значэнне аб'яднаўчай вайны за Русь, знішчэнне Полацка і полацкай дынастыі князёў намалявана, як вызваленне горада ад варага Рэгвельда; не было забойства брата, разбурэння гарадоў, гвалту, карацей кажучы, нічога такога, што кінула б цень на азначэнне «святы», якое атрымаў Уладзімір ад царквы і якое сведчыць аб высокай духоўнасці.

У Скобелева хрьшічэнне Русі даследуецца як трагічнае сутыкненне «старой» і «новай» праўды. Такая ломка свядомасці, якая патрабуе адмаўлення ад веры дзядоў і прадзедаў, пагардлівых да іх адносін, сама па сабе адбывацца не можа. Замена былых міфаў новымі звязана са знішчэннем людзей, якія трымаліся старых традыцый, а таксама з фізічным уціскам абаронцаў даўніны, якія гатовы адстойваць свае святыні і перакананні зброяй. Гэтае знішчэнне атрымала форму дзяржаўнай палітыкі, на два-тры стагоддзі сталася адной з функцый веліка-княскай улады. Быў створаны прэцэдэнт вырашэння дзяржавай, яе ўзброенымі сіламі пытанняў духоўнага жыцця, гвалтоўнага ўкаранення новай ідэалогіі, стварэння новай народнай свядомасці. Дзейнічаў, зразумела, і сацыяльны інтарэс супрацьлеглага боку: страціўшы «дзяржаўнае падмацаванне», вешчуны стварылі апазіцыю, маючы мэтай вярнуць з былым духоўным аўтарытэтам і былы дабрабыт. Ламаць тысячагадовы ўклад здолее толькі моцны духам. Адпаведна — і абараняцца ад моцнага патрэбна моц. Людзі былі дужыя, выхаваныя на язычніцкай культуры разумення сэнсу жыцця, радавых адносін, кантрастнага адрознівання паняццяў «свой» — «чужы», «вораг» — «сябар», «жорсткасць» — «літасць». Калі верыць «Уладзіміру», то памыляюцца археолагі, якія раскапалі спапялёны старажытны полацкі дзядзінец. Калі верыць «Міраславу — князю дрыгавіцкаму», дык жорсткія рэформы і паходы Уладзіміра — спроба затрымаць той працэс, які завяршаецца Любецкім з'ездам князёў і разбурэннем Кіева войскамі Андрэя Багалюбскага далёка да з'яўлення татар.

Дарэчы, Э. Скобелеў выказаў у «Міраславе» арыгінальную, на маю думку, версію пра Рагвалода, ягоныя адносіны з Кіевам і Ноўгарадам. Вось як гэтая версія завязваецца: «В пору Деревляньской войны, на второе лето, Рогволод, Полотьскій посадник, объявился князем земли и отложился от Киева». Гэты ўчынак распачынае драму Рагвалода і трагедыю Полацка. Палітычныя пралікі князя каштавалі жыцця яму, жонцы, сынам, пагібелі ці палону большасці полацкага жыхарства. Што ж гэта за пралікі? Князь недаацаніў Уладзіміра і перабольшыў здольнасці Яраполка. Ягонае жаданне займёць праз шлюб дачкі добрыя адносіны з вялікім князем кіеўскім сведчыць, што чуўся Рагвалод не надта моцна і вымушаны быў ісці на повадзе ў абставін. Ды і адмова, якую паводле загаду бацькі дала Рагнеда сватам Уладзіміра, не даводзіць пра вялікі княжацкі розум Рагвалода. Задужа ў гэтым адказе пыхі: Вялікай крывёй давялося заплаціць за гэтую пыху нашым продкам. Не нам, зразумела, судзіць чалавека праз тысячу год. Але што да літаратурнай увагі, дык постаць няўдачлівага чалавека на княжым месцы — сюжэт не менш цікавы, чымся ўдачлівы герой.

На жаль, нельга сказаць, што такіх прыкладаў — твораў на адну тэму, пра адну асобу — можна прыводзіць бясконца. Зусім наадварот. Іх вельмі мала, можна на пальцах пералічыць. Бо ў нашай літаратуры жанр гістарычнай прозы толькі распачынае сваё існаванне. У нас ёсць паасобныя творы, але мы ніколі не мелі (і сёння не маем) пэўнай школы гістарычнай мастацкай літаратуры. Тое ж можна сказаць і пра гістарычную навуковую літаратуру. Няма пакуль што і традыцыі павагі да роднай гісторыі, традыцыі сумленных адносін да гістарычнага матэрыялу, адмоўнага стаўлення да паўпраўды якая, як вядома, падманвае больш за фантастыку. Асабліва гэты недахоп адчуваецца ў навуковых распрацоўках, дзе пераважае тэндэнцыя. Хібы даследчыцкай думкі абавязкова адбіваюцца на літаратуры, бо пісьменнік, перш чым сесці за стол з пяром, чытае спецыяльныя працы. Той напрамак нашай гістарычнай прозы, што складваўся ў пасляваенны час, даўно паказаў сваю бесперспектыўнасць, бо свядома спрошчваў гістарычны працэс.

У мінулым стагоддзі на Беларусі мелася даволі трывалая традыцыя пісьменства на сюжэты з рэгіянальнай гісторыі. Досыць успомніць творчасць Адама Міцкевіча і Юзафа Крашэўскага. Але ў рэчышчы гэтай традыцыі стваралася польскамоўная літаратура, адпаведна не здольная на «беларускія» інтэрпрэтацыі таго матэрыялу, які па-мастацку асэнсоўвала. За .прататыпа Анджэя Кміціца ў шырокавядомым «Патопе» Генрыха Сянкевіча ўзята гістарычная асоба — аршанскі войт Самуэль Кміціч. Білевічы з гэтага ж рамана — старадаўні род, які меў разгалінаванні на Літве і Беларусі. На землях Полаччыны адбываюцца трагічныя падзеі рамана «Маці Іаанна ад анёлаў» Яраслава Івашкевіча. Называю гэтыя творы, бо яны перакладзены на рускую мову, неаднаразова выдаваліся і набылі шырокую папулярнасць, дзякуючы, у дадатак да высокіх літаратурных вартасцей, выдатным экранізацыям.

Марудна ўзводзіць свае муры і наша сучасная гістарычная навука, якая з розных прычын не песціць увагай пытанні палітычнай і ваеннай даўніны Беларусі. У рэспубліцы 70 дактароў і 600 кандыдатаў гістарычных навук; наогул, даследчыцкай і навукова-педагагічнай .працай займаецца 1200 чалавек. За 1981 — 1985 гады ў нас выдадзена 192 назвы кніг і брашур па гісторыі. 3 іх толькі 9 прысвечаны даследаванню эпохі феадалізму. Назаву некаторыя з гэтых выданняў: Козловский П. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVІІ — первой половнне XІX в.; Чепко В. Города Белоруссии в первой половине XІX века: Экономическое развитие; Лютый А. Социально-экономическое развитне городов Белоруссии в конце XVІІІ—первой половнине XІX века; Мелешко В. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVІІ—XVІІІ веках; Мохнач Н. Общественно-политическая н этническая мысль Белоруссии начала XІX века.

Літаратуру на працягу дзесяцігоддзяў арыентавалі на мастацкае ілюстраванне таго абмежаванага набору падзей і з'яў, які здаваўся «ідэалагічна небяспечным». Але нават адмеранае для апрацоўкі тэматычнае поле беларуская гістарычная проза не здолела ўзараць. Плён наш не дужа вялікі, і калі фігуральна палічыць тысячагадовую гісторыю Беларусі мацерыком, які літаратура адкрывае, дык на ім «белых плям» непараўнальна больш, чым мясцін асвоеных. Пра XІ стагоддзе — адзіны твор: раман Леаніда Дайнекі «След ваўкалака». Наступны век, насычаны падзеямі, адлюстраваўся толькі ў аповесці Вольгі Іпатавай пра Ефрасінню Полацкую. XІІІ стагоддзе — станаўленне беларуска-літоўскай дзяржавы, пераможныя бітвы з татарамі, з крыжакамі — зацікавіла пакуль што Уладзіміра Арлова і Леаніда Дайнеку. Пра змаганне Кейстута з Ягайлам напісаў толькі Пятро Бітэль (драматычная паэма «Замкі і люд»). Пра Крэўскую унію адважыўся напісаць адзін Мікола Арочка. Між тым для нашай гісторыі унія мела выключна адмоўнае значэнне. Пра гэта ў паэме «Крэва» слушна разважае князь Вітаўт:

Куды ты хілішся,

О княства лёс!

За рысаю якой твая дзяржаўнасць?

І страта тая — веры і ўладарства?

Усё, што здабывалася яднаннем,

І вольна, інявольна,

Курганамі,

Крывёю ратнай, памнажэннем моцы —

Няўжо ўсё гэта

Дымам, крахам, прахам,

На злом і на распад пайдзе?!

 

стар. 1 / 2 / 3

стар. 1 / 2 / 3
annetarasovoi@gmail.com